poniedziałek, 28 marca 2022 roku Dodał: Sławomir Niedźwiecki |
|
На 92-м годзе жыцьця памёр беларускі паэт і літаратуразнаўца Алесь Барскі (Аляксандар Баршчэўскі). |
Аляксандар Баршчэўскі нарадзіўся 2 лістапада 1930 году ў вёсцы Бандары ў гміне Міхалова (Падляскае ваяводзтва). У 1955 годзе скончыў Лодзінскі ўнівэрсытэт. 3 1956 году — выкладчык Варшаўскага ўнівэрсытэту. У 1966-м абараніў у Варшаўскім унівэрсытэце кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Творчасьць Якуба Коласа 1906–1930 гадоў». Быў загадчыкам катэдры беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту. Узначальваў Беларускае літаратурнае аб’яднаньне «Белавежа» пры Галоўным праўленьні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Польшчы. У 1993 годзе атрымаў званьне ганаровага доктара БДУ ў Менску. Друкаваўся з 1956 году. Як паэт дэбютаваў у зборніку «Рунь» (Беласток, 1959). Аўтар паэтычных зборнікаў «Белавескія матывы» (Беласток, 1962), «Жнівень слоў» (Беласток, 1967), «Мой бераг» (Менск, 1975), «Блізкасьць далёкага» (Беласток, 1983), «Лірычны пульс» (Менск, 1987). Аўтар артыкулаў па гісторыі беларускай літаратуры (у штотыднёвіку «Ніва» і «Беларускім календары»), цыклю артыкулаў «Беларуская літаратура і беларускі фальклёр» (1965–88), унівэрсытэцкіх падручнікаў, шматлікіх іншых артыкулаў. «Алеся Барскага я запамятала з часоў пачатковай школы, калі ён як паэт прыехаў у нашу школу ў Ласінцы, — сказала Свабодзе літаратарка і журналістка зь Беластоку Ганна Кандрацюк. — Ён прыехаў са сваёй асыстэнткай з унівэрсытэту, сам ён выглядаў вельмі шыкоўна, і яны на той сустрэчы падаліся нам у вёсцы, калі можна так сказаць, людзьмі зь іншай плянэты». «А рэальна я пазнаёмілася з Алесем Барскім, з прафэсарам Баршчэўскім, калі была студэнткай беларускай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, — расказала Ганна Кандрацюк. — Я была студэнткай, якая любіла спрачацца з прафэсарам на занятках. Але хачу тут сказаць, што ён за гэтыя спрэчкі не злаваўся на мяне і потым не прыдзіраўся. Наадварот, праз гэта ён запамятаў мяне, як мне здаецца, якраз з добрага боку. Шмат пахвалы ад яго я атрымала за сваю магістэрскую працу, прысьвечаную творчасьці Натальлі Арсеньневай». «Што яшчэ хацелася б сказаць пра Алеся Барскага? У сьпелым узросьце я зусім па-іншаму глянула на яго працу, асабліва калі як журналістка стала сама працаваць з настаўнікамі беларускай мовы. Вось тыя ўсе выпускнікі беларускай філялёгіі, якія выйшлі з-пад яго рукі, мелі ня толькі прафэсійную падрыхтоўку, але і пачуцьцё місіі. Сёньня такога, на жаль, няма, і наша адукацыйная сыстэма апынулася пад пытальнікам. Алесь Барскі выканаў вялікую адукацыйную працу, ён умеў пакіраваць сваімі супрацоўнікамі ва ўнівэрсытэце і ўсталяваць настолькі добры кантакт са сваімі студэнтамі, што здолеў нам, выхадцам зь вёскі, прышчапіць беларускую сьведамасьць і натхніць на інтэлектуальны рост ды захаваньне нашай памяці пра нашы карані і род», — адзначыла Ганна Кандрацюк. |
Wstecz |